euroradiofm

Зміцер Кучук. “Вас могуць згвалтаваць”. Што перажыў у няволі лідар партыі “Зялёныя”?

Лідар партыі “Зялёныя” Зміцер Кучук — адзін з 52 беларускіх палітвязняў, якіх дэпартавалі ў Літву пасля здзелкі паміж Лукашэнкам і Трампам. Да свайго вызвалення Кучук правёў больш за паўтара года за кратамі: яго затрымалі каля амбасады Расіі, калі ён паспрабаваў ускласці кветкі ў памяць пра Навальнага, а пазней абвінавацілі па “народным” 342-м артыкуле. Да гэтага Кучук спрабаваў балатавацца ў дэпутаты на “выбарах” 2023 года, але ўлады чакана адмовілі яму ў рэгістрацыі. Падчас прэс-канферэнцыі пасля вызвалення Зміцер Кучук падрабязна распавёў пра турэмныя ўмовы: пра катаванні, галадоўкі, “нізкі статус”, які яму прызначылі за ўдзел у дыскусіі з прадстаўніком ЛГБТ-супольнасці. Ён казаў, што ў беларускіх турмах гэта азначае бясконцыя здзекі і рызыку гвалту — пры гэтым адміністрацыя карнай ўстановы робіць выгляд, што нічога не адбываецца. Кучук таксама падзяліўся гісторыяй сустрэчы ў няволі з Алесем Бяляцкім і прызнаўся, што без падтрымкі салідарных вязняў перажыць час у няволі было б амаль немагчыма. Цяпер Кучук у Літве. Ён абяцае аднавіць працу ліквідаванай на Радзіме партыі “Зялёныя” і мае шмат планаў на будучыню. Таксама былы палітвязень будзе працягваць змагацца за вызваленне тых, хто застаецца ў беларускіх турмах.