Эфата

Radio Vaticana - Vatican News
Эфата

У падкасце „Эфата“ аўтар засяроджваецца на розных формах узаемадзеяння Касцёла са светам – светам палітыкі, культуры, навукі, рознага роду каштоўнасных трэндаў. “Эфата” – гэта тое слова, якое Езуспрамовіў да глуханямога з Евангелля паводле святога Марка. Аўтар перакананы, што кожнаму патрэбны дотык Хрыста і Яго слова “Эфата” – “Адкрыйся”.

Episodes

  1. 7 NOV

    Агонь міру і слова Яна Паўла ІІ

    15 снежня 2023 года ў Беларусь прыбыў Агонь міру з Бэтлеема. Дэвіз акцыі – Будзем чыніць мір. З гэтай нагоды прыгадаліся пасланні святога Яна Паўла ІІ з пачатку 80-х гадоў мінулага стагоддзя. З таго часу прыйшло ўжо больш за чатыры дзесяцігоддзі. Айчына Яна Паўла ІІ даўно вызвалілася ад аўтарытарызму, шмат што змянілася ў Еўропе і ў свеце. Але ёсць як мінімум дзве прычыны, па якіх мае сэнс звярнуцца да той эпохі і звярнуцца да слоў тагачаснага Папы, дужа блізкага, напэўна, не толькі палякам, але і нам, беларусам: 1) пытанне міру сёння надзвычай актуальнае для Беларусі і рэгіёна; 2) паняцце міру ўсцяж часта злоўжываецца рознымі аўтакратамі. 1980-1981 гады ў Польшчы былі часам вялікага грамадскага ўздыму ў імя правоў працоўных, дэмакратыі і незалежнасці. 13 снежня 1981 года тагачасныя ўлады на чале з генералам Войцехам Ярузэльскім увялі ў краіне ваеннае становішча, якое стварыла ўмовы для жорсткай расправы з дэмакратычнай апазіцыяй. У выніку рэпрэсіўных дзеянняў 40 мірных грамадзянаў загінулі, больш за 10 тысяч апынулася ў месцах зняволення, дзясяткі тысячаў эмігравалі. Паказальна, што праводзячы жорсткую расправу з уласнымі грамадзянамі, тагачасныя польскія ўлады ўвесь час спасылаліся на каштоўнасць міру і бяспекі. Маўляў, усё гэта прадыктавана неабходнасцю захаваць мір і абараніць народ ад хаосу і іншых непрыемных наступстваў. Вось у такім кантэксце з’яўляецца некалькі пасланняў святога Яна Паўла ІІ аб міры. Пасланні былі скіраваны да ўсяго свету, але няма сумневу, што падзеі ў Айчыне Папы наклалі свой адбітак на іх змест і акцэнты.

    10 min
  2. 6 NOV

    Еванлелле супраць тэрарызму

    Гэты выпуск працягвае знаёміць з эпохай, калі жыў і дзейнічаў Езус і калі ўсё пачыналася: паўставала супольнасць Касцёла, пачыналася евангелізацыя, пачыналася гісторыя хрысціянства. Гаворка ідзе пра палітычны кантэкст той эпохі, а дакладней, пра адзін з найбольшых выклікаў таго часу – рымскую акупацыю і гвалтоўны супраціў юдэяў. На той момант на чале Рымскай імперыі стаяў імператар Аўгуст. Пры ім Рым дамогся шматлікіх поспехаў. У 15 годзе да н.э. былі захоплены вялікія абшары паміж Дунаем і Альпамі. Праз два гады – Панонія і Дальматыя. Цягам наступных гадоў адбыўся шэраг паспяховых экспедыцый супраць германскіх плямёнаў, у выніку чаго замацавалася панаванне Рыму ўздоўж ракі Рэйн. Пасля гэтага запанаваў кароткі перыяд міру, званы pax romana – рымскі мір. Вонкава – прынамсі на нейкі час – сапраўды магло здавацца, што створаная Рымам сістэма эфектыўная і дзеездольная. Але гэта была вонкавасць. Пад паверхняй гэтага “міру” кіпеў гнеў, палыхала нянавісць, нарастала жадоба помсты. Так было сярод многіх паднявольных народаў, так было і ў Юдэі.

    11 min
  3. 5 NOV

    Містэрыя Уцелаўлення

    Перыяд Адвэнту – гэта час чакання і падрыхтоўкі да Божага Нараджэння. Больш тэалагічная назва гэтага свята: свята Уцелаўлення, таямніца Уцелаўлення, містэрыя Уцелаўлення. У аснове свята ляжыць евангельскае вучэнне аб Слове – Логасе, якое было “на пачатку”, якое “было ў Бога”, і якое “было Богам” (пар. Ян 1:1). Гэтыя словы мы чуем і паўтараем часта, можа быць, занадта часта, так, што губляецца першапачатковая энергетыка гэтых слоў, іх містэрыйнае гучанне. Пачатак Адвэнту – добрая нагода ўзнавіць першапачатковае гучанне гэтых слоў, судакарынуцца з гэтай энергетыкай і стаць сведкамі Слова-Логаса, якія сваім жыццём і дзеяннямі будуць заклікаць: марана-тха! Прыйдзі, Госпадзе наш! Падкаст Эфата прапануе перанесціся на дзве тысячы год назад і акунуцца ў тагачасную атмасферу думак і працэсаў.

    11 min
  4. 4 NOV

    Сінадальны шлях і тэалогія вызвалення

    Незадоўга пасля Другога Ватыканскага Сабора, у 1968 годзе адбылася канферэнцыя Рады біскупаў Лацінскай Амерыкі ў Медэліне (Калумбія), падчас якой з’явіўся пастулат выступіць у абарону бедных і абяздоленых. Неўзабаве гэты пастулат наклаўся на прапанову некаторых тэолагаў і святароў, каб хрысціянскую дактрыну спалучыць з марксісцкім вучэннем аб класавай барацьбе. У чым павінна было палягаць гэта спалучэнне? Па-першае, прапанавалася ператварыць тэалогію ў грамадска-палітычную ідэалогію. Айцец Хуан Луіс Сэгунда, езуіт, адзін з галоўных тэарэтыкаў гэтага напрамку, казаў наўпрост: “Вера без ідэалогіі мёртвая”. Без ідэалогіі, казаў ён, вера не можа быць уключана ў гісторыю, і таму цалкам непрактычная. Па-другое, прапанавалася сацыялагічнае пераасэнсаванне хрысціянскіх догмаў. Асноўныя хрысціянскія догмы павінны былі быць прадстаўлены такім чынам, каб іх сувязь з сацыяльна-палітычным вызваленнем была відавочнай. Напрыклад, вучэнне аб Святой Тройцы некаторыя прадстаўлялі як тое, што “Бог ёсць грамадства”, а дакладней – “грамадства, за якое мы змагаемся”. У іншай кнізе Сэгунда пісаў, што сакрамэнты маюць сэнс у той ступені, у якой спрыяюць пабудове супольнасці. Напрыклад, сэнс святой Імшы павінен быў заключацца перш за ўсё ў выяўленні самаахвярнай адданасці справе рэвалюцыі, як тое было ў Карла Маркса. У чым палягае праблемнасць такога падыходу, які стаў вядомы пад назвай тэалогіі вызвалення? Гэтаму пытанню прысвечаны адзін з выпускаў падкаста Эфата.

    10 min
  5. 2 NOV

    Выклікі Сінода па сінадальнасці

    Гэты выпуск падкаста Эфата прысвечаны Сіноду Біскупаў па сінадальнасці. Многія вернікі, чытаючы пра тое, што падчас сінадальнай сесіі абмяркоўваліся такія тэмы, як цэлібат або жаночы дыяканат, задаваліся пытаннем, ці гэта азначае, што Касцёл збіраецца мяняць некаторыя палажэнні веры або нават догмы. Як сцвярджае аўтар, гэтыя тэмы не з’яўляюцца абшарам каталіцкай дагматыкі. Цэлібат святароў – гэта норма, якая з’явілася ў Касцёле на пэўным этапе гісторыі і сама прапанова яе перагляду не ёсць спробай перагляду таго ці іншага палажэння веры, а тым больш не ёсць пераглядам якой-кольвечы догмы. Пытанне жаночага дыяканату больш складанае. Тут ёсць рознагалоссі наконт таго, ці гэта толькі пытанне чыста касцёльнай нормы (як цэлібат), ці гэта таксама дактрынальнае пытанне. Тым не менш, вядома, што ў гісторыі Касцёла існавала паслуга дыяканісаў (хай сабе і з крыху іншымі функцыямі), таму не выпадае здзіўляцца, што зараз з’явілася прапанова дакладней вывучыць гэта пытанне і разабрацца, ці сапраўды ёсць дактрынальныя пярэчанні, каб жанчыны маглі выконваць гэтую паслугу. Ёсць, аднак, набор пытанняў, якія выклікаюць больш сур’ёзныя дактрынальныя пярэчанні, і пра іх у сваім лісце да Папы напісаў старшыня канферэнцыі епіскапату Польшчы арцыбіскуп Станіслаў Гандэцкі. Што канкрэтна яго занепакоіла? Пра гэта вы даведаецеся ў гэтым выпуску.

    10 min
  6. 1 NOV

    “Супярэчнасці” ў Бібліі

    Гэты выпуск падкаста Эфата прысвечаны праблеме, якая бянтэжыць многіх вернікаў – праблему супярэчнасцяў у Бібліі. Ці яны ёсць у Святым Пісанні? Так, ёсць. Да прыкладу, у Евангеллі святога Мацвея гаворыцца, што муж Марыі, Юзаф, быў сынам Якуба (гл. Мц 1:16). Тымчасам з Евангелля святога Лукі вынікае, што Юзаф быў сынам Іллі (гл. Лк 3:23). Іншы прыклад: што зрабіў Іуда Іскарыёт за тыя трыццаць срэбнікаў, якія ён атрымаў за выданне Езуса. Водле Евангелля Мацвея, Іуда кінуў срэбнікі ў святыні, пасля чаго пайшоў і павесіўся (гл. Мц 27:5). Водле Дзеяў Апосталаў Іуда за гэтыя срэбнікі набыў зямлю (Дзеі 1: 18). Падобных нестыковак можна знайсці і болей. Для апанентаў хрысціянства такія нестыкоўкі – сведчанне ненадзейнасці біблійнага тэксту, немагчымасці таго, каб ён быў боганатхнёным. Веруючыя ж рэагуюць па-рознаму. Адны спрабуюць любой цаной даводзіць, што супярэчнасці няма, што яны паўсталі ў выніку кепскага перакладу або іншага тыпу непаразуменняў. Іншыя ж расчароўваюцца і хоць не адыходзяць ад веры, але пачынаюць дыстанцавацца ад Бібліі, радзей яе чытаюць і не зусім разумеюць, як да гэтага ўсяго ставіцца. На думку аўтара, няма падстаў расчароўвацца такімі нестыкоўкамі. Тэксты могуць мець духоўнае значэнне незалежна ад іх інфармацыйнай вартасці. Святое Пісанне ёсць каштоўным не па прычыне сваёй інфармацыйнай насычанасці або лагічнай паслядоўнасці, а таму, што выражае ўзаемныя пошукі Бога і чалавека. Яно з’яўляецца таксама сродкам паглыблення духоўнай лучнасці паміж Богам і чалавекам, а таксама паміж самімі людзьмі.

    10 min
  7. 31 OCT

    Мова веры. Біблія

    Біблія ўсцяж застаецца найбольш чытанай кнігай у свеце. Але што такое біблійны тэкст? Юрыдычны кодэкс? Навуковы трактат? Філасофская сістэма? Ці гістарычна справаздача? Паводле аўтара, біблійны тэкст, у першую чаргу, адлюстоўвае духоўна-рэлігійную эвалюцыю чалавецтва: якім чынам адбывалася даспяванне, духоўнае ўзрастанне чалавецтва, пачынаючы ад вельмі прымітыўных форм татальнай вайны і заканчваючы Хрыстовым прынцыпам: “Прабачайце 77 разоў”? Па-другое, гэта гісторыя шукання чалавекам Бога і шукання Богам чалавека. Якім чынам у розныя эпохі, у розных палітычных кантэкстах адбывалася шуканне Бога, шуканне Ягонай волі? І наадварот: якім чынам Бог шукаў “згубленую авечку” – чалавека? Гэта падвойная гісторыя і “зашыфравана” ў аповедах аб дачыненнях Бога і Ізраіля, а таксама Бога і паасобных людзей.

    10 min
  8. 22 OCT

    Замагільнае жыццё

    Напярэдадні ўрачыстасці Усіх Святых і Усіх памерлых вернікаў, вядомых у беларускай традыцыі як Дзяды, аўтар дзеліцца некаторымі сваімі разважаннямі пра замагільнае жыццё. Першага і другога лістапада – гэта дні, калі згадваем памерлых, якія збаўленыя. У дзень Усіх святых згадваем тых, што збаўленыя ўжо зараз. У дзень Усіх памерлых вернікаў – згадваем тых, што прабываюць у стане ачышчэння і будуць цалкам збаўленыя ў будучыні. Нельга, аднак, абмінуць пытанне пра нязбаўленых, пра вечна асуджаных, то бок, пра пекла. Гэтая тэма шмат у каго спараджае цяжкасці, па той простай прычыне, што не зусім ясна, як гэта суадносіцца з бязмежнай Божай міласэрнасцю. Пекла – гэта своеасаблівы працяг стану нянавісці, з якім чалавек не пажадаў расстацца, магчымасць, якую Бог дапускае з увагі на павагу да свабоднай волі чалавека. Але мы пакліканы да збаўлення, да жыцця вечнага з Богам і нашымі блізкімі, якія ўжо адышлі або адыдуць у будучыні.

    10 min
  9. 17 OCT

    Вытокі тэрарызму

    Раніцай 7 кастрычніка 2023 года ісламісцкая арганізацыя Хамас напала на Ізраіль. Распачалася вайна на Блізкім Усходзе. Што мусіць стацца з душой чалавека, каб ён пачаў масава забіваць мірных людзей? І што мусіць стацца з душой, каб такіх выпадкаў станавілася меней? Аўтар нагадвае евангельскія словы "Калі хто ўдарыць цябе па правай шчацэ тваёй, падстаў яму і другую" (Мц 5, 39). На яго думку, падзеі ў Ізраілі і Палесціне паказваюць, што адбываецца, калі гэтыя евангельскія словы пагалоўна адкідваюцца. Тэрарыстычныя акты – можа не ўсе, але многія – бяруцца з таго, што хтосьці калісьці атрымаў удар па правай шчацэ. Магчыма, не ён сам, а яго бацька, маці, брат, сястра або жонка, дачка, хтосьці з сяброў. Тэрор – гэта дзецішча помсты. Помста – дзецішча непрабачанай крыўды. Крыўда – дзецішча тэрору. Ізноў тэрор... Кола замкнулася.

    11 min
  10. 15 OCT

    Рэлігійнасць у свеце

    Наколькі рэлігійная наша планета? Згодна з даследаваннем Свет атэізму: глабальная дэмаграфія палітолага Джухем Навара Рывера і дэмографа Арыелы Кейсар, сусветная колькасць атэістаў і агностыкаў складае прыкладна 500 мільёнаў чалавек, альбо каля 7% сусветнага насельніцтва. Гэта значыць, што колькасць веруючых, складае больш за 90%. Даследаванне амерыканскага цэнтра Pew Research выявіла каля 1,1 мільярда “рэлігійна неафіліяваных”, тых, хто не адносіць сябе ні да якой рэлігіі. Ці гэта значыць, што ўсе рэлігійна неафіліяваныя – няверуючыя? Хутчэй за ўсё, не. Ёсць людзі, якія не жадаюць звязваць сябе ні з якой канфесіяй або рэлігіяй, але пры гэтым застаюцца веруючымі: хтосьці прыватна верыць у Бога, хтосьці ў багоў, у духаў, у нейкую звышнатуральную касмічную сілу і г.д. Таму, на базе даследаванняў Pew Research, можна сказаць, што колькасць няверуючых складае не болей за 1,1 мільярда чалавек і хутчэй за ўсё значна меней. Апытанне Інстытута Гэлапа, якое праводзілася ў 68 краінах у 2017 годзе, выявіла 9% перакананых атэістаў. Такім чынам, як сцвярджае аўтар падкаста, доля няверуючых (атэістаў і агностыкаў) вагаецца ў раёне 7-15%. Ведаючы колькасць жыхароў свету – 7,5 мільярдаў – можна вылічыць, колькі людзей у той ці іншай форме верыць у звышнатуральныя сілы. У абсалютных лічбах – больш за 6 мільярдаў чалавек.

    11 min
  11. 9 OCT

    Наколькі Беларусь рэлігійная?

    У Беларусі цягам мінулай дэкады знізілася колькасць тых, хто лічыць сябе веруючымі і лічыць Бога важным у сваім жыцці. Узрасла колькасць атэістаў, хоць і нязначна. Выглядае на тое, што ў Беларусі на месца рэлігійнай павярхоўнасці прыходзіць, з аднаго боку, глыбокая рэлігійнасці, а з другога боку – атэістычная опцыя. Змяншаецца колькасць намінальна веруючых, але ўзрастае колькасць тых, хто верыць у Бога на глыбокім узроўні. На месца павярхоўнай рэлігійнасці прыходзіць асэнсаваная, больш паслядоўная пазіцыя. Так, доўгі час колькасць намінальна веруючых расла, але ці гэта азначала, што расла колькасць рэальна веруючых? Хутчэй за ўсё, не. Рост колькасці веруючых быў, хутчэй звязаны з тэндэнцыяй “быць як усе” або “быць як большасць”. Большасць ахрышчаная, большасць залічвае сябе да адной з дзвюх вялікіх канфесій, дык чаму я буду выдзяляцца? Гэты трэнд, гэтая ментальнасць цягам мінулай дэкады пачала змяняцца на карысць больш асэнсаванай, больш паслядоўнай пазіцыі. Частка беларусаў пачала казаць сабе: чаму я мушу быць як усе? Калі я дэ-факта не прызнаю існавання Бога, калі амаль ніколі не наведваю богаслужэнні, то чаму я буду прыкідвацца, што я веру? У выніку наступіў рост атэістаў. Частка беларусаў сказала сабе інакш: калі я сапраўды веру ў Бога, калі рэлігія сапраўды важная ў маім жыцці, то мне трэба як мага часцей размаўляць з Богам, запрасіць Яго ў сваё штодзённае жыццё. У выніку наступіў рост глыбока веруючых. Некаторыя даследчыкі схільныя лічыць гэты працэс станоўчым. Паслядоўная і сумленная пазіцыя, на іх думку, лепшая, чым пазіцыя павярхоўная, двухсэнсоўная, непаслядоўная, калі чалавек спрабуе быць і веруючым і няверуючым адначасова.

    10 min

About

У падкасце „Эфата“ аўтар засяроджваецца на розных формах узаемадзеяння Касцёла са светам – светам палітыкі, культуры, навукі, рознага роду каштоўнасных трэндаў. “Эфата” – гэта тое слова, якое Езуспрамовіў да глуханямога з Евангелля паводле святога Марка. Аўтар перакананы, што кожнаму патрэбны дотык Хрыста і Яго слова “Эфата” – “Адкрыйся”.

To listen to explicit episodes, sign in.

Stay up to date with this show

Sign in or sign up to follow shows, save episodes and get the latest updates.

Select a country or region

Africa, Middle East, and India

Asia Pacific

Europe

Latin America and the Caribbean

The United States and Canada