Філасофскія нататкі

Radio Vaticana - Vatican News

- Podcast - Radio Vaticana - Vatican News

  1. قبل ٣ أيام

    Габрыэль Марсэль. Быць альбо мець?

    У сваім падкасце ксёндз Раман Суша распавядае пра французскага філосафа Габрыэля Марсэля (1889-1973), які ў 1929 годзе прыняў каталіцтва і стаў вядомым прадстаўніком хрысціянскага экзістэнцыялізму. Марсэль называў сябе "філосафам канкрэтнага", бо імкнуўся, каб яго ідэі датычыліся жывога чалавечага досведу, а не заставаліся абстрактнымі. Галоўная думка Марсэля - падзел жыцця чалавека на дзве катэгорыі: "мець" і "быць". "Мець" - гэта не толькі пра валоданне рэчамі, але і пра імкненне кантраляваць працу, статус, адносіны. Праблема ў тым, што такі падыход робіць чалавека ўразлівым: тое, што маеш, можна страціць, а страчваючы гэта, чалавек адчувае, што губляе сябе самога. "Быць" - альтэрнатыўны шлях, які грунтуецца на тым, што нельга кантраляваць, што жыве ў глыбіні. Гэта сапраўдная прысутнасць для іншых, любоў, служэнне, вернасць. Тут ксёндз таксама прыводзіць станоўчыя прыклады: студэнт, які адкрывае радасць у самім працэсе пазнання; маці, якая знаходзіць сябе і пасля сыходу дзяцей; настаўнік, які знаходзіць новыя інтарэсы на пенсіі. Марсэль падкрэсліваў, што менавіта любоў ператварае "мець" у "быць". Калі мы бачым у іншым не рэч, а "Ты", тады ўзнікае сапраўдная прысутнасць, а не валоданне. Філосаф таксама папярэджваў пра небяспеку ператварэння чалавека ў "ролю" ці "функцыю" ў сучасным свеце. Філасофію Марсэля называюць "філасофіяй надзеі", бо яна сцвярджае, што заўсёды ёсць магчымасць выбраць "быць", а не "мець". Надзея - гэта не наіўны аптымізм, а глыбокая ўпэўненасць, што жыццё мае сэнс, калі чалавек аддае сябе іншым і Богу.

    ٩ من الدقائق
  2. ٣١ أغسطس

    Карл Ясперс. Межавыя сітуацыі

    У новым выпуску "Філасофскіх нататак" ксёндз Раман Суша распавядае пра канцэпцыю межавых сітуацый у філасофіі Карла Ясперса. Мы ўсе імкнёмся да парадку і стабільнасці, але жыццё часта разбурае нашы звыклыя схемы: хвароба, страта працы, разрыў адносін або смерць блізкага прымушаюць нас выйсці з “панцыра” і шукаць глыбейшы сэнс, адзначае святар. Ясперс паказвае, што перад чалавекам адкрываюцца тры шляхі: схавацца ў старой абалонцы, упасці ў нігілізм або адважыцца сустрэць праўду так, як яна ёсць. Менавіта гэты трэці шлях філосаф называе сапраўдным – бо ён вядзе да пераплаўкі, да адкрытасці для новых адказаў і ўнутранай свабоды, нагадвае аўтар. Межавыя сітуацыі балючыя, але яны здольныя стаць крыніцай росту. У моманты крызісу чалавек пачынае слухаць сумленне, заўважаць падтрымку блізкіх і адкрываць святло Божага слова. Таму цяжкасці – гэта не канец, а магчымасць стаць больш сапраўднымі і глыбокімі, гаворыцца ў падкасце.

    ١١ من الدقائق
  3. ٢٤ أغسطس

    Марцін Хайдэгер. Бяздомнасць чалавека

    У новым выпуску падкаста "Філасофскія нататкі" ксёндз Раман Суша запрашае нас у філасофскае падарожжа па думках Марціна Хайдэгера — мысляра, які жыў праз усе буры XX стагоддзя і задаваў самыя глыбокія пытанні пра сутнасць чалавечага існавання. Што адбываецца, калі мы ставім сябе ў цэнтр сусвету? Чаму гуманізм, які меў добрыя намеры, нечакана прывёў да духоўнага крызісу? Аўтар раскрывае парадокс: чым больш чалавек становіцца "гаспадаром свету", тым больш ён губляе сваю сапраўдную сутнасць. Ён паказвае, як мы страцілі здольнасць бачыць у іншых людзях таямніцу і дар прысутнасці, а ў рэчах — больш чым інструменты для нашай карысці. Гэта і ёсць тая "бяздомнасць", пра якую гаварыў Хайдэгер — не фізічная, а духоўная страта сувязі з быццём. Асаблівую ўвагу падкаст надае ролі мовы як "дому быцця" і значэнню сапраўднага сузірання, якое дазваляе рэчам і людзям проста быць, а не служыць нашым мэтам. У гэтым — ключ да пераадолення экзістэнцыйнай пустэчы і вяртання да аўтэнтычнага існавання. Слухайце, каб адкрыць для сябе глыбінныя пытанні філасофіі Хайдэгера і знайсці шлях да асэнсаванага жыцця ў эпоху тэхналогій і павярхоўных адносін!

    ١٠ من الدقائق
  4. ١٧ أغسطس

    Леў Карсавін. Якастваванне

    У новым выпуску штотыднёвага падкаста "Філасофскія нататкі" ксёндз Раман Суша знаёміць з адной з ключавых ідэй філосафа Льва Карсавіна – паняццем “якаствавання”. Што гэта значыць? Кожны з нас жыве не ў пустэчы. Мы заўсёды скіраваныя да іншых людзей, да свету, да Бога. І вось у гэтых сустрэчах і адносінах мы нібыта “набываем якасць”, якую атрымліваем не толькі ад сябе, але і ад таго, з кім сутыкаемся. Гэта і ёсць тое, што Карсавін называе якастваваннем, тлумачыць святар. Напрыклад, калі чалавек адкрывае сваё сэрца Хрысту, яго жыццё паступова напаўняецца рысамі Хрыста – ён становіцца больш міласэрным, больш гатовым дараваць, больш адкрытым да любові. Можна назваць гэты працэс “хрысціфікацыяй”, то бок чалавек станавіцца падобным на Хрыста праз удзел у Яго якасцях. Але калі чалавек скіроўвае сябе да зла, то можа адбыцца адваротнае – ён набліжаецца да дэманічнага, яго сэрца становіцца нячулым, і ў ім з’яўляецца тое, што можна называць “дэманізацыяй”, перасцерагае аўтар падкаста.

    ٩ من الدقائق
  5. ٣ أغسطس

    Св. Тэрэза Бэнэдыкта ад Крыжа (Эдыта Штайн). Суадчуванне

    Ксёндз Раман Суша запрашаем да роздуму над жыццём і думкай святой Эдыты Штайн – філосафа, кармэліцкай манахіні і святой Каталіцкага Касцёла. Яе шлях ад габрэйскай сям’і праз навуку і навяртанне да манаства быў не толькі духоўным, але і інтэлектуальным падарожжам, якое прынесла багаты плён. Святар прапануе паразважаць пра адну з цэнтральных ідэй яе філасофіі – феномен суадчування (Einfühlung). Штайн разумела яго не як простае спачуванне ці эмацыйнае зліццё з іншым, а як глыбокі акт увагі і пазнання, дзе застаецца мяжа паміж "я" і "ты". Гэта ўменне слухаць і разумець іншага чалавека, не губляючы сябе. Яе мысленне можа быць асабліва актуальным у наш час, калі многія перажываюць трывожнасць і эмацыйнае знясіленне праз сваю чуллівасць. Аўтар закранае таксама практычнае прымяненне гэтых ідэй: як суадчуванне дапамагае будаваць глыбокія і шчырыя адносіны, як яно можа стаць ключом да больш чалавечай прысутнасці ў свеце. Запрашаем вас слухаць, разважаць і адкрывацца на мудрасць святой, якая здолела злучыць глыбіню духу з яснасцю мыслення.

    ١٠ من الدقائق
  6. ٢٧ يوليو

    Макс Шэлер. Рэсентымент (Частка 2)

    У гэтым выпуску перадачы “Філасофскія нататкі” ксёндз Раман Суша працягвае разважаць пра сувязі паміж людзьмі і сусветам. Што адбываецца, калі парадак любові, пра які гаворка ішла на мінулым тыдні, парушаецца? Калі замест любові — крыўда, замест спачування — пагарда? Нямецкі філосаф Макс Шэлер называў такую з'яву “рэсентыментам”. Гэта асаблівы стан душы, калі чалавек, не маючы магчымасці адкрыта выказаць непрыемныя пачуцці — зайздрасць, крыўду, пачуццё нярэалізаванасці — пачынае ўнутрана іх перапрацоўваць, перажоўваць. Напрыклад, таленавіты чалавек аддаў гады творчасці, але яго ніхто не заўважыў. Іншыя, з сувязямі і грашыма, атрымалі славу. А вось ён маўчыць, ён — знешне спакойны, але ў душы не даруе, злуецца. Пачынае пагарджаць іншымі, мастацтвам, самім сабой. Так у сэрцы нараджаецца рэсентымент — як атрута, што дзейнічае павольна, але дакладна. І таму — атручвае самога сябе.

    ١٠ من الدقائق

حول

- Podcast - Radio Vaticana - Vatican News