Гаворыць Гродна

Ірына Новік

Цёплы, лямпавы, утульны. Як гутарка з сябрамі летнім вечарам. Першы сезон - падкаст пра гісторыі горада Гродна і яго жыхароў. У студыі вядомыя і не вельмі гараджане самых розных заняткаў і прафесій, якіх аб'ядноўвае любоў да горада. І кожны мае што расказаць вам! Вядоўцы першага сезону: - "панаехаўшая" журналістка Ірына Новік (а яшчэ інжынерка і выкладчыца), якая кампенсуе адсутнасць гродзенскага дзяцінства гісторыямі сваіх сяброў і герояў артыкулаў. - спецыяліст па камунікацыях Андрэй Віктараў, фанат горада, гродзенец у сёмым (!) пакаленні. Хоча, каб ад падкасту станавілася цёпла на душы і з'яўлялася адчуванне, што ўсе мы - частка вялікай гродзенскай сям'і. Другі сезон - у ім пра тое, што Гродна не толькі гаворыць, але таксама чытае і піша. Абмяркуем 10 кніг сучасных аўтараў, якія жывуць у Гродне і пішуць пра яго. Старонкі кніг стануць месцам сустрэчы з любімымі гродзенскімі мясцінамі і цікавымі гродзенскімі падзеямі – рэальнымі і выдуманымі. Вядоўцы другога сезону: - журналістка і рэдактарка Ірына Новік, - пісьменнік і таямнічы містыфікатар Яўген Аснарэўскі. Разам з імі будзем чытаць і думаць пра Гродна ды абмяркоўваць творы сучасных аўтараў. Для гэтага сезона абраны кнігі напісаныя ў наш час. На іх старонках родны горад – адзін з галоўных герояў. То не сумуйце і сябе не шкадуйце. Асабліва ў час, калі “Гаворыць Гродна”.

  1. 12/31/2023

    Кніга пра час, які лепш бы нас абмінуў: «Час пустазелля» Ганны Янкуты

    Пра што Ганна Янкута напісала кнігу «Час пустазелля», так адразу і не скажаш. Дакладней, цяжка вызначыць, чаго там няма. Бо ёсць і развагі пра беларускую мову - як з ёй жывецца ў розных частках гэтага свету. І пра геалагічны музей - чытаючы пра яго, пачуваешся трохі выкапнем для сваіх далёкіх нашчадкаў. Ёсць там Варшава і дом ля турмы, ёсць Мінск і палісаднік з бабулінымі кветкамі. І, канечне, (нарэшце!) ёсць у кнізе Ганны Янкута месца для Гродна, для нашай любімай Гароднечкі. Пра ўсё гэта і пра многае іншае Ірына і Антон пагаварылі ў 10-м, заключным выпуску літаратурнага сезона падкаста “Гаворыць Гродна”. Гэта кніжка пра час, які лепш бы нас абмінуў, пра перыяд гісторыі, з якім бы хацелася разыйсціся. Пра час, які няўмольна і бескампрамісна выбраў менавіта нас. “Я б хацеў прачытаць гэту кнігу гадоў так праз 25”, - адзначае Антон. Ну так, тады ўсё будзе ясна, зразумела і проста. Але каб прачытаць пра сённяшнія падзеі праз 25 гадоў, нехта мусіў сёння пра іх напісаць. І гэта зрабіла Ганна Янкута. У яе тэкстах так шмат пазнавальнага, што часам падаецца, што глядзіш у люстэрка, а не ў кнігу. “У мяне таксама было”. “І пра гэта я ўвесь час думаю”. “Цябе таксама не адпускае? І мяне...” Побач з назіраннямі - таямніцы пісьменніцкай кухні. Цікава чытаць, як Ганна піша паўсюль - у нататках тэлефона на пустой плошчы ў цені паспамента помніка Леніну, ці на бягу, на папяровым чэку з супермаркета. Фіксуе водбліскі штодзённасці на абрыўках часу. Што да назвы, то Ірына і Антон прыйшлі да высновы - аўтарка зусім не легкаважыць з “пустазелля”. Бо “пустазелле” ў тэксце - гэта гіацынты з бабулінага палісадніка, тое, што звязвае з пакаленнямі продкаў, што нагадвае пра дом, што няўмольна прарастае праз трагічнасць, будзёнасць ці радасць. Бо насенне з пустазелля - гэта ежа для птушак, а перагніўшыя за зіму сцябліны - угнаенне для новых кветак. А яшчэ “Час пустазелля” пра тое, што дом - гэта скарб. А калі дом у Гродне, то абавязкова і пра сапраўдныя ці ўяўныя скарбы нашага гістарычнага горада. Дзе шукаць гэтыя скарбы? Шлях да іх напісаны на старых камянях, на мапах пад стрэхамі даўніх камяніц, а таксама на старонках кнігі пра наш час, “Час пустазелля”. Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста, ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні. Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» - https://t.me/tetiaIra Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!

    53 min
  2. 12/28/2023

    “Время играет в нас”: пра што піша вершы гродзенскі праграміст Павел Салаўёў

    Час гуляе ў нас, а падкаст “Гаворыць Гродна” гуляе у гродзенскія кніжкі. Аўтар зборніка вершаў “Время играет в нас” Павел Салаўёў найбольш вядомы ў Гродне як адзін з арганізатараў “Зялёнкі” - фестываля бардаўскай песні “Зялёны гран-пры”. Але для вядоўцаў самым дзіўным стала тое, што аўтар гэтай кнігі яшчэ і праграміст. Ірына і Антон менш здзівіліся, што Павел Салаўёў піша вершы, чым таму, што ён піша яшчэ і камп’ютарныя праграмы. Яно і зразумела. На людзях Паўла часцей можна пабачыць з гітарай ці з іншымі музычнымі інструментамі. А праца праграміста - у асноўным непублічная дзея. Апроч таго, вядоўцы ўзгадалі, што “цень” Паўла Салаўёва ўжо мільгала ў падкасце. Калі абмяркоўвалі кнігу Дзяніса Трусава “Бовь и мерть в Хротне” (https://govorit-grodno.mave.digital/ep-14), экскурсаводка прапаноўвала герою прайсціся па “падвуліцах” горада і пазнаёміцца з яго “падвулічнымі” музыкантамі. Да падобнага праекта “Музыка гродзенскіх вуліц” (https://streetmusic.grodno.net/map.php) меў у свой час дачыненне і Павел Салаўёў. Але гаворка ў дзявятым выпуску літаратурнага сезона “Гаворыць Гродна”пайшла не аб праграмаванні і нават не аб музыцы. Ірына і Антон шукалі ў вершаваных радках кніжкі і паміж радкамі свой любімы горад - Гродна. І знаходзілі! У лірыцы Салаўёва Гродна хаваецца ў ромбіках брукаванкі - як на цэнтральных вуліцах, і ў “танцы смерці”, выява якога ёсць у адным з кляштароў. Гродна на старонках кнігі - гэта горад князёў і каралёў, а таксама месца, дзе прызямліўся Хрыстос. Гродна - гэта горад, па якім каціцца труна на калёсіках і, на калёсіках таксама, - чырвоная рыба, каторая месціць у сабе ўвесь сусвет. І ўезны горад N, што туманам знікае за вагном вагона, калі ты з’язджаеш у невядомае - таксама Гродна. Падкастары не дужа ўпэўнены, што менавіта гэта хацеў сказаць аўтар, але дакладна гэта тое, што яны хацелі ўбачыць і прачытаць у вершах гарадзенскага паэта. Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста, ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні. Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» - https://t.me/tetiaIra Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!

    40 min
  3. 12/25/2023

    Гродзенскія сандалі, віно на разліў і лета ў вёсцы: шукаем аскепкі крышталю ў кнізе Дар’і Трайдэн “Крыштальная ноч”

    Дар’я Трайдэн - аўтарка, каторую не зблытаць ні з кім. Яна непаўторна-шчырая і крыштальна-дакладная ў апісанні пачуццяў і рэфлексій сваіх лірычных гераінь. Яе пісьмо - вельмі жаночае: пазнаванне досведу і ўнікальнасць погляду падкупае адразу і трымае да апошняга радка. У гэтай кнізе Ірына і Антон не знайшлі наўпроставых узгадак пра Гродна. Магчыма таму, што ўночы, нават калі яна крыштальная, усе гарады і мястэчкі роўныя. І ўжо няма вялікай розніцы, ці ідзе гаворка пра Гродна, ці пра Карэлічы. Абмяркоўваючы кнігу, падкастары ўзгадалі і гродзенскія сандалі, у якіх вырасла не адно пакаленне дзяцей, і віно, купленае на разліў, якое можна піць на беразе ракі, і стэрэатыпы пра жаночую прыгажость і лета ў вёсцы, і бабулю, у якой пазнаеш сябе. Забаўка для чытачоў кнігі - знайсці ў кожным апавяданні аскепак крышталю. Бо ён там насамрэч ёсць, Ірына і Антон праверылі. Яшчэ адна важная рэч пра гэты твор - ён прынёс аўтарцы перамогу ў прэміі “Дэбют” у 2018 годзе: https://hrodna.life/2019/03/27/grodzenka-atryimala-premiyu-debyut/ Адметна, што ў той самы год на “Дэбют” намінаваліся яшчэ два гродзенскія аўтары, якіх ужо абмяркоўвалі ў падкасце “Гаворыць Гродна”. Гэта Алесь Кіркевіч са зборнікам “Самурай” (https://hrodna.life/articles/samuray-alesya-kirkevicha/) і Яўген Аснарэўскі з аповесцю “Трыкутнік караля” (https://hrodna.life/articles/zaboyca-ne-dvarecki/). Слухайце пра кнігу гарадзенскай аўтаркі і чытайце кнігу “Крыштальная ноч”: https://knihi.by/be/trajden-darja-krystalnaja-noc Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста ў сацсетках ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні. Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» - https://t.me/tetiaIra Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!

    47 min

About

Цёплы, лямпавы, утульны. Як гутарка з сябрамі летнім вечарам. Першы сезон - падкаст пра гісторыі горада Гродна і яго жыхароў. У студыі вядомыя і не вельмі гараджане самых розных заняткаў і прафесій, якіх аб'ядноўвае любоў да горада. І кожны мае што расказаць вам! Вядоўцы першага сезону: - "панаехаўшая" журналістка Ірына Новік (а яшчэ інжынерка і выкладчыца), якая кампенсуе адсутнасць гродзенскага дзяцінства гісторыямі сваіх сяброў і герояў артыкулаў. - спецыяліст па камунікацыях Андрэй Віктараў, фанат горада, гродзенец у сёмым (!) пакаленні. Хоча, каб ад падкасту станавілася цёпла на душы і з'яўлялася адчуванне, што ўсе мы - частка вялікай гродзенскай сям'і. Другі сезон - у ім пра тое, што Гродна не толькі гаворыць, але таксама чытае і піша. Абмяркуем 10 кніг сучасных аўтараў, якія жывуць у Гродне і пішуць пра яго. Старонкі кніг стануць месцам сустрэчы з любімымі гродзенскімі мясцінамі і цікавымі гродзенскімі падзеямі – рэальнымі і выдуманымі. Вядоўцы другога сезону: - журналістка і рэдактарка Ірына Новік, - пісьменнік і таямнічы містыфікатар Яўген Аснарэўскі. Разам з імі будзем чытаць і думаць пра Гродна ды абмяркоўваць творы сучасных аўтараў. Для гэтага сезона абраны кнігі напісаныя ў наш час. На іх старонках родны горад – адзін з галоўных герояў. То не сумуйце і сябе не шкадуйце. Асабліва ў час, калі “Гаворыць Гродна”.