Гаворыць Гродна

Гродзенскія сандалі, віно на разліў і лета ў вёсцы: шукаем аскепкі крышталю ў кнізе Дар’і Трайдэн “Крыштальная ноч”

Дар’я Трайдэн - аўтарка, каторую не зблытаць ні з кім. Яна непаўторна-шчырая і крыштальна-дакладная ў апісанні пачуццяў і рэфлексій сваіх лірычных гераінь. Яе пісьмо - вельмі жаночае: пазнаванне досведу і ўнікальнасць погляду падкупае адразу і трымае да апошняга радка.

У гэтай кнізе Ірына і Антон не знайшлі наўпроставых узгадак пра Гродна. Магчыма таму, што ўночы, нават калі яна крыштальная, усе гарады і мястэчкі роўныя. І ўжо няма вялікай розніцы, ці ідзе гаворка пра Гродна, ці пра Карэлічы.

Абмяркоўваючы кнігу, падкастары ўзгадалі і гродзенскія сандалі, у якіх вырасла не адно пакаленне дзяцей, і віно, купленае на разліў, якое можна піць на беразе ракі, і стэрэатыпы пра жаночую прыгажость і лета ў вёсцы, і бабулю, у якой пазнаеш сябе. Забаўка для чытачоў кнігі - знайсці ў кожным апавяданні аскепак крышталю. Бо ён там насамрэч ёсць, Ірына і Антон праверылі.

Яшчэ адна важная рэч пра гэты твор - ён прынёс аўтарцы перамогу ў прэміі “Дэбют” у 2018 годзе: https://hrodna.life/2019/03/27/grodzenka-atryimala-premiyu-debyut/

Адметна, што ў той самы год на “Дэбют” намінаваліся яшчэ два гродзенскія аўтары, якіх ужо абмяркоўвалі ў падкасце “Гаворыць Гродна”. Гэта Алесь Кіркевіч са зборнікам “Самурай” (https://hrodna.life/articles/samuray-alesya-kirkevicha/) і Яўген Аснарэўскі з аповесцю “Трыкутнік караля” (https://hrodna.life/articles/zaboyca-ne-dvarecki/).

Слухайце пра кнігу гарадзенскай аўтаркі і чытайце кнігу “Крыштальная ноч”: https://knihi.by/be/trajden-darja-krystalnaja-noc

Пакідайце водгукі і парады ў каментарах пад публікацыямі падкаста ў сацсетках ці адпраўляйце аўдыяпаведамленні.

Напісаць аўтарам наўпрост можна ў Telegram-канале Ірыны Новік «Тётя Ира разрешила» - https://t.me/tetiaIra

Не забывайцеся пра лічбавую бяспеку!