Філасофскія нататкі

Radio Vaticana - Vatican News

- Podcast - Radio Vaticana - Vatican News

  1. 2d ago

    Морыс Зюндэль. Маўклівая згода з сабой. Частка 2.

    Чарговы выпуск “Філасофскіх нататак” з ксяндзом Раманам Сушам прысвечаны працягу знаёмства са спадчынай швейцарскага філосафа і каталіцкага святара Морыса Зюндэля. На гэты раз увага засяроджана на тым, чаму некаторыя ўнутраныя рэакцыі маюць над намі асабліва вялікую ўладу і чаму біялагічная даросласць яшчэ не гарантуе псіхалагічнай і духоўнай сталасці. Нават у дарослым узросце чалавек часта дзейнічае не са сталай пазіцыі, а пад уплывам першабытных імпульсаў – жадання дамінаваць, перамагаць ці заўсёды мець рацыю, бо, як пісаў Зюндэль, джунглі першабытнага лесу працягваюцца ў джунглях нашага бяссвядомага. Каб уласціва апісаць гэты механізм, Зюндэль выкарыстоўвае паняцце “кампліцытэт” – саўдзел або маўклівую згоду. Як у грамадстве ці школьным асяроддзі існуе культура маўклівай згоды з агрэсіяй, так і ўнутры сябе чалавек здольны станавіцца саўдзельнікам уласных аўтаматычных імпульсаў. Аўтаматычная рэакцыя ці імгненны гнеў могуць узнікаць без нашага дазволу, але менавіта ў момант, калі розум пачынае іх падтрымліваць, апраўдваць і пракручваць старыя крыўды, пачынаецца ўнутраны кампліцытэт. Зюндэль папярэджвае, што адной сілы волі для пераадолення гэтага недостаткова: стрыманыя эмоцыі ўсё роўна выбухаюць, таму неабходна “евангелізацыя бяссвядомага” – распазнаванне і ўпарадкаванне сваіх страсцей, дзе цнота становіцца не знішчанай эмоцыяй, а страсцю, падпарадкаванай розуму. Выйсце з гэтага аўтаматызму ляжыць праз “цішыню жыцця”, якая стварае прастору, каб прыпыніцца і не злівацца са сваёй рэакцыяй. Замест таго каб імгненна адказваць на выпады ці працягваць спрэчку, Зюндэль прапануе даць сабе некалькі хвілін цішыні, каб проста назваць тое, што адбываецца ўнутры. Менавіта праз гэтую практыку чалавек выходзіць з-пад улады дзіцячай уразлівасці і робіць крок да новага нараджэння, пра якое Езус гаварыў Нікадэму,

  2. Sep 27

    Морыс Зюндэль. Цішыня – лек для нясталасці. Частка 1

    Чарговы выпуск "Філасофскіх нататак" прысвечаны спадчыне швейцарскага філосафа і каталіцкага святара Морыса Зюндэля, які задумваўся, як нашы ўяўленні пра чалавека вызначаюць тое, як мы ўспрымаем Бога, бліжняга і саміх сябе. Ён увёў паняцце "прэфабрыкат" — усё тое ў чалавеку, што сфарміравалася яшчэ да яго свядомага выбару: месца нараджэння, эпоха, рысы характару, звыклыя рэакцыі. Аднак, паводле Зюндэля, чалавек не зводзіцца толькі да атрыманага ад пачатку — ён здольны паступова вызваляцца ад уласных інстынктаў і завядзеных звычак. Менавіта ў гэтай здольнасці станавіцца свабодным і адказным і палягае розніца паміж прэфабрыкатам і сталай асобай. У штодзённасці чалавек часта застаецца замкнёным на самім сабе, пракручваючы ў думках крыўды і спрэчкі, якія даўно страцілі сэнс, і чым больш ён жыве ў гэтым шуме, тым лягчэй яму проста рэагаваць — раздражненнем на раздражненне, абаронай на крытыку. Выйсце з гэтага кола Зюндэль бачыць у практыцы "стварэння цішыні ў сабе" — уменні пакласці невялікую адлегласць паміж тым, што чалавек адчуў, і тым, што ён зробіць. Гэта асабліва добра відаць у звычайнай размове: пакуль іншы гаворыць, мы часта ўжо рыхтуем адказ, замест таго каб па-сапраўднаму слухаць і даваць яму месца. Тут Зюндэль спасылаецца на словы Грэма Грына: любіць Бога — значыць хацець абараніць Яго ад нас саміх, бо Божая прысутнасць у чалавеку крохкая і можа быць заглушана раздражнёнасцю і самалюбствам. Таму Зюндэль падсумоўвае: менавіта цішыня стварае нашу чалавечнасць і нашу свабоду, і менавіта ў ёй мы сустракаем Бога. Простая штодзённая практыка ўнутранай цішыні паказана як шлях, якім чалавек паступова становіцца больш свабодным. Гэта не разавы подзвіг, а пастаяннае навучанне — умець прыпыняцца, перш чым рэагаваць. Так, паводле Зюндэля, нараджаецца сапраўдная сустрэча — і з іншым чалавекам, і з Богам.

  3. Sep 20

    Джэральд Мэй. Крызіс супольнасці

    У новым выпуску падкаста “Філасофскія нататкі” ксёндз Раман Суша працягвае разважаць пра амерыканскага псіхіятра і хрысціянскага мысляра Джэральда Мэя і яго канцэпцыю “цёмнай ночы”. На гэты раз гаворка ідзе не пра асобнага чалавека, а пра сям’ю, працоўны калектыў ці цэлую супольнасць, якая трапляе ў крызіс. Што адбываецца, калі старыя мэты ўжо не натхняюць, звыклыя спосабы адносін перастаюць працаваць, а спробы ўсё выправіць толькі павялічваюць знясіленне? Мэй прапануе ўбачыць у такім стане магчымасць вызвалення ад ілюзій, залішняй самаўпэўненасці і неўпарадкаваных прывязанасцяў. Як распазнаць такую “цёмную ноч”? Чаму часам нельга проста вярнуць супольнасць да старых схем? І што можа нарадзіцца з крызісу, калі за знешняй разгубленасцю з’яўляецца глыбокае прагненне чалавечнасці, шчырасці, спачування і справядлівасці? Пра супольны крызіс як магчымы шлях ачышчэння і перамен, пра надзею на світанак – у новым выпуску “Філасофскіх нататкаў”.

  4. Sep 13

    Джэральд Мэй. Шлях аднімання

    Новы выпуск “Філасофскіх нататкаў” ад ксяндза Рамана Сушы прысвечаны амерыканскаму псіхіятру і хрысціянскаму мысляру Джэральду Мэю і яго канцэпцыі “шляху аднімання”. Чым духоўны рост адрозніваецца ад “самапаляпшэння”? У свеце, апанаваным культам эфектыўнасці, мы часта ставімся да веры як да будаўнічага праекта. Але Мэй даводзіць: сапраўдныя змены адбываюцца не тады, калі мы нешта набываем, а калі адпускаем ілюзіі. Як працерці “акно душы”? Духоўны шлях — гэта не назапашванне ведаў, а вызваленне ад уласных уяўленняў пра сябе і Бога. Гэта ачышчэнне розуму, памяці і волі праз веру, надзею і любоў, як вучыў святы Ян ад Крыжа. Чаму сузіранне важнейшае за мітусню? Як перастаць разглядаць сваю веру як бесперапынны экзамен і даверыцца Божай ласцы – слухайце ў новым выпуску праграмы.

  5. Sep 6

    Джэральд Мэй. Цёмная ноч

    Ксёндз Раман Суша распачынае новы цыкл размоў пра амерыканскага псіхіятра і хрысціянскага мысляра Джэральда Мэя і яго кнігу «Цёмная ноч душы». У форме ўяўнай размовы ён тлумачыць, што «цёмная ноч» — гэта паступовае вызваленне чалавека ад залішніх прывязанасцяў дзеля свабоды для любові, якое мае два вымярэнні: ноч пачуццяў, калі гаснуць звыклыя суцяшэнні, і глыбейшую ноч духу, калі знікае патрэба ўсё кантраляваць. Гэты працэс немагчыма выклікаць уласнымі намаганнямі, бо ён цалкам залежыць ад Божай ласкі, а не ад волі чалавека. Асобна разглядаецца адрозненне паміж духоўнай ноччу і клінічнай дэпрэсіяй: пры першай звычайна захоўваюцца пачуццё гумару і здольнасць спачуваць іншым, тады як сімптомы дэпрэсіі трэба лячыць незалежна ад духоўнага стану — паміж імі няма супярэчнасці. Мэй раіць у такія моманты не змагацца з сумневамі і не вяртаць сілком былыя малітоўныя эмоцыі, а заставацца ў ціхай уважлівасці да Бога, маючы побач мудрага духоўнага спадарожніка. Паводле Мэя, цёмная ноч душы, па сутнасці, бясконцая — і менавіта ў гэтым найбольшая надзея, бо яна азначае адносіны з Богам, якія толькі паглыбляюцца.

  6. Aug 30

    Ганна Тэрувэ. Конрад Барс. Мастацтва адпачынку. Частка 4

    У новым выпуску падкаста “Філасофскія нататкі” ксёндз Раман Суша працягвае разважанні пра спадчыну Ганны Тэрувэ і Конрада Барса, пра мастацтва сапраўднага адпачынку. Мы стамляемся не толькі ад працы, але і ад барацьбы з самімі сабой, ад пастаяннага стрымлівання страху, гневу, суму, патрэбы ў адпачынку. Можна ляжаць на канапе і ўсё роўна заставацца ўнутрана напружаным. Тэрувэ і Барс прапануюць іншы шлях – уменне “легчы на вецер”, дазваляючы жыццю і Богу несці нас далей. Мастацтва адпачынку, паводле іх, пачынаецца з трох простых рэчаў, якія даступныя кожнаму з нас: з запаволення, сузірання прыгажосці і адпачынку перад Богам. Бо малітва – гэта не заўсёды яшчэ адна задача, – нагадвае аўтар. Часам дастаткова проста сказаць: “Пане, я тут. Мне няма чаго Табе прынесці сёння, акрамя маёй стомленасці. Але я ведаю, што Ты рады мне проста таму, што я ёсць”.

  7. Aug 23

    Ганна Тэрувэ. Некамфортнае благаслаўленне. Частка 3

    У чарговай праграме цыкла "Філасофскія нататкі" ксёндз Раман Суша працягвае разважанні пра сувязь чалавека і сусвету, звяртаючыся да падыходу доктара Ганны Тэрувэ.. Чалавек, які гадамі душыць страх, стрымлівае гнеў і прымушае сябе быць моцным, можа знешне жыць бездакорна, але ўнутры заставацца ў пастаянным напружанні. Рана ці позна гэты спосаб жыцця дае збой. Тэрувэ назвала свой падыход "тэрапіяй умярцвення", маючы на ўвазе не знішчэнне перажыванняў, а вызваленне ад патрэбы іх душыць. Чалавек губляе не сябе, а тое, чым прывык сябе абараняць. Паміраюць стары кантроль, які перашкаджаў даверу, і страх, які перашкаджаў любіць. Таму выздараўленне не заўсёды адразу прыносіць палягчэнне: чалавек ужо не можа жыць па-старому, але яшчэ не навучыўся па-новаму. Гэты перыяд можна назваць некамфортным благаслаўленнем, калі дыскамфорт сведчыць пра тое, што стары механізм перастае кіраваць жыццём. І часам нам здаецца, што ў крызісе мы нешта страчваем, хоць насамрэч губляем тое, без чаго ўжо даўно трэба было навучыцца жыць.

  8. Aug 16

    Ганна Тэрувэ. Конрад Барс. Прыняцце. Частка 2

    Ксёндз Раман Суша разважае, як чалавек можа аднавіць унутраную цэласнасць паводле ідэй Ганны Тэрувэ і Конрада Барса. Барс параўноўвае гэты працэс з вершнікам і канём: конь — гэта нашы эмоцыі, а вершнік — наш розум, які ў ідэале не змагаецца з канём, а разумее яго сілу. Першы крок да гэтага — прыняцце: здольнасць заўважыць свае пачуцці, не асуджаючы сябе за іх, і назваць тое, што адбываецца, — страх, смутак, гнеў. Нават гнеў нясе карысную інфармацыю, бо падобны да вартаўнічага сабакі, які брэша, калі парушаныя нашы межы. Толькі пасля таго, як вершнік знайшоў паразуменне з канём, ён зноў бярэ цуглі ў рукі — ужо не каб змагацца, а каб накіроўваць. Метад Барса паказвае, што ацаленне не азначае пазбавіцца ад «дрэнных» эмоцый, бо дрэнных эмоцый не бывае — бываюць толькі складаныя, і кожная нясе важную інфармацыю, як дарожны знак. Але на гэтым праца не заканчваецца: пасля прыняцця чалавеку даводзіцца развітвацца з патрэбай усё кантраляваць і заўсёды быць моцным, што нагадвае словы апостала Паўла пра паміранне для самога сябе.

About

- Podcast - Radio Vaticana - Vatican News