У люстэрку вечнасці

Radio Vaticana - Vatican News

- Podcast - Radio Vaticana - Vatican News

  1. 1d ago

    Ядвіга Раздзялоўская. Пані настаўніца і мастачка

    У новым выпуску падкаста “У люстэрку вечнасці” мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра Ядвігу Раздзялоўскую – незвычайную мастачку і “пані настаўніцу”, якая нарадзілася ў Польшчы, але назаўжды звязала сваё жыццё з Беларуссю і выхавала не адно пакаленне мастакоў у Маладзечне.   Ядвіга вучылася ў знакамітых мастацкіх школах Замасця, Любліна ды Варшавы і ўжо ў 1938 годзе выстаўлялася ў славутай галерэі “Захента”. Лёс прывёў яе на радзіму мужа – у Беларусь, дзе ёй давялося прайсці праз цяжкія выпрабаванні вайны і акупацыі. Але нават пад гукі гарматных стрэлаў і працуючы рэтушорам у фотаатэлье, яна не пакідала мастацтва і працягвала пісаць карціны.   Яе жыццёвы і творчы шлях – гэта прыклад адданасці прыгажосці і сваім вучням. Слухайце наш падкаст, каб даведацца больш пра лёс гэтай цудоўнай мастачкі і яе ўнёсак у беларускую культуру!

  2. Jul 8

    Ян Дамель. З Сібіры ў Мінск

    У новым выпуску падкаста “У люстэрку вечнасці” Сяргей Харэўскі распавядае пра няпросты лёс Яна Дамеля – мастака, які прайшоў праз ссылку ў Сібір, але пасля вяртання ў Мінск стварыў свае найбольш значныя творы. Гістарычныя палотны, партрэты і алтарныя абразы Дамеля сталі важнай часткай мастацкай спадчыны Беларусі, а жыццёвы шлях – сведчаннем таго, як вера, талент і стойкасць дапамагаюць пераадольваць самыя цяжкія выпрабаванні. Пахаваны Ян Дамель на Кальварыйскіх могілках у Мінску, у крыпце касцёла. Замест помніка над яго магілай, паводле апошняй волі мастака, была змешчана карціна “Маленне Збавіцеля аб чашы” – твор, які сам Дамель лічыў сваім шэдэўрам. Сёння гэты абраз знаходзіцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Сімвалічна і годна, што некалькі гадоў таму ў Кальварыйскім касцёле, дзе пахаваны мастак, быў адкрыты мемарыяльны знак у яго гонар. Яго ўрачыста асвяціў арцыбіскуп-мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Запрашаем паслухаць гісторыю мастака, які пакінуў пасля сябе не матэрыяльныя багацці, а добрае імя і творы, што працягваюць адлюстроўваць вечныя каштоўнасці.

  3. Jul 1

    Зыгмунт Фогель. Пястун лёсу, зямляк караля

    У гэтым выпуску падкаста “У люстэрку вечнасці” мастацтвазнаўца Сяргей Харэўскі распавядае пра Зыгмунда Фогеля – мастака і архітэктара, які нарадзіўся ў беларускім Воўчыне і стаў адным з творцаў пры двары апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Фогель аб’ездзіў землі Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны, пакінуўшы сотні акварэляў замкаў, касцёлаў, палацаў і гарадоў, многія з якіх сёння існуюць толькі на ягоных малюнках. Шкада, што памяць пра выдатнага земляка дасёння аніяк не адлюстраваная ў Воўчыне – мястэчку, дзе ён нарадзіўся і гадаваўся. Хоць многім з нас ягоныя творы добра знаёмыя па кніжках ці па артыкулах. Разглядаючы творы Зыгмунда Фогеля, у кнігах ці на выставах, думаецца пра тое, як мінае слава зямная, але любоў да Айчыны і прыгажосць застаюцца ў Вечнасці, - нагадвае аўтар.

  4. Jun 10

    Віктар Юноша-Пятроўскі. Дойлід Віцебска і Варшавы

    Новы выпуск прысвечаны славутаму дойліду і інжынеру Віктару Юношу-Пятроўскаму. Пры жыцці ён здабыў вялікую славу, але сёння яго імя мала вядомае на Радзіме, у Беларусі. Стваральнік пакінуў бачны след у архітэктуры Беларусі і Польшчы. У Віцебску па яго праекце збудаваны неагатычны касцёл Святой Барбары, які цудам ацалеў і да 2011 года быў кафедральным саборам. Таксама ён перабудаваў гарадскі тэатр і стварыў вялікі піўны бровар у Чашніках. У Варшаве архітэктар спраектаваў турму на вуліцы Ракавецкай, казарменныя комплексы і грандыёзны будынак кадэцкага корпуса імя Суворава — сёння там месціцца Канцылярыя прэм'ер-міністра Польшчы. На зямлі мінае ўсё, а ў вечнасці застаецца гармонія і хараство. Слухайце расповед аўтара праграмы Сяргея Харэўскага пра каштоўнасці вечныя!

About

- Podcast - Radio Vaticana - Vatican News