Філасофскія нататкі

Поль Рыкёр. Вернасць сабе

У новым выпуску падкаста “Філасофскія нататкі” ксёндз Раман Суша знаёміць з думкамі французскага мысляра ХХ стагоддзя Поля Рыкёра – філосафа і хрысціяніна, які ставіў сабе пытанне: што значыць зразумець самога сябе? Рыкёр падкрэсліваў, што чалавечая тоеснасць – гэта толькі знешні контур, рысы, якія мала змяняюцца. Але сапраўднае вымярэнне асобы – гэта самасць або здольнасць заставацца верным сабе, сваім прынцыпам і дадзеным абяцанням. Філосаф прапануе глядзець на жыццё як на аповед, у якім заўсёды ёсць пачатак і падзеі, выбар і героі, абяцанні і здрады. Калі чалавек трымаецца абяцанага, гісторыя яго жыцця становіцца суцэльнай, калі ж здраджвае сабе – аповед рвецца і ўзнікае ўнутраная пустэча. Рыкёр паказвае, што мы разумеем сябе толькі ў адносінах з іншымі: калі кажам “я верны сабе” гэта часта азначае таксама ”я верны табе” – Богу, блізкаму, сябру.