Idea X

Euroradio

На нашу думку, прыспеў час распачаць дыскусію і вызначыць, сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. І мы працягваем гэта рабіць у аўтарскай праграме “Ідэя Х” рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука. Па завядзёнцы ў якасці гасцей, якія дапамагаюць нам фармуляваць нацыянальную ідэю, — палітыкі і літаратары, эканамісты і музыканты, айцішнікі і культуролагі. Усе вы. Праграма выходзіць штотыдзень у чацвер у 14:00.

  1. Jul 16

    Васіль Плешкуноў: вярнуць сабе сваё беларускае — такой бачу нашу ідэю сёння

    16 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — прадстаўнік Беларускай асацыяцыі палітвязняў “Да волі” і грамадскай арганізацыі “Акцыі беларусаў у Варшаве” Васіль Плешкуноў. Беларуская нацыя, беларуская дзяржава не зможа існаваць, калі не верне сабе сваё. Пачынаючы ад краіны, дзе пануюць прыхадні з суседняй дзяржавы, і працягваючы сапраўдным буларускім духам нашага народа. Гэта і наша мова, і наша культура, і нашы традыцыі, і наша гісторыя. Але мы мусім не толькі вяртаць, але і развіваць гэтую беларускасць, рабіць яе сучаснай і адпаведнай часу. Ну, і не менш важнае — вярнуць у дзяржаву нашу беларускую справядлівасць, перакананы Васіль Плешкуноў. Пра тое, чаму нельга спыняцца ў сваім імкненні не проста вярнуцца на радзіму, але і вярнуць сабе тую радзіму, як аднавіць справядлівасць і ці магчыма гэта без люстрацыі, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Васілём Плешкуновым.

    Васіль Плешкуноў: вярнуць сабе сваё беларускае — такой бачу нашу ідэю сёння
  2. Jul 2

    Павел Севярынец: Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску — адвечная наша ідэя

    2 ліпеня ў эфіры Еўрарадыё — сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, пісьменнік, былы палітвязень Павел Севярынец. Беларускае грамадства, беларуская дзяржава павінны жыць паводле сваёй нацыянальнай ідэі. І нават у сітуацыі, калі гэтая ідэя сутыкаецца з супрацьдзеяннем, непрыняццем, неразуменнем, яна праб’е сэрца сама, навылёт. У той самы момант, калі мы яе выказваем, калі мы пачынаем маліцца па-беларуску, спяваць па-беларуску, размаўляць па-беларуску. Бог працуе праз сэрцы людзей, там перагародкі зносяцца імгненна. Гэта будзе, і будзе гэта як паводка, перакананы Павел Севярынец. Пра тое, чаму неабходна захоўваць сваю беларускасць у любых умовах, чаму важна пусціць Бога ў сваё сэрца, і што нам рабіць з Расіяй, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Паўлам Севярынецам.

    Павел Севярынец: Ісус Хрыстос, які размаўляе па-беларуску — адвечная наша ідэя
  3. Jun 25

    Люда Астапчук: збірацца разам і святкаваць жыццё — найлепшая ідэя сёння

    25 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — актывістка беларускай суполкі Сіэтла Люда Астапчук. Не варта чакаць, пакуль нехта прыйдзе і нешта для вас ці за вас зробіць. Толькі ўласнымі высілкамі, толькі асабістым удзелам можна нешта годнае і добрае арганізаваць: святкаванне Купалля, канцэрт, курсы беларускай мовы, Дранік-фэст, прэзентацыю ці велапрабег — толькі калі сам для гэтага будзеш рабіць усё неабходнае, нешта атрымаецца. І беларусы на такое здольныя, перакананая Люда Астапчук. Пра тое, чаму за мяжой так важна захоўваць свае беларускія карані і сувязь з Бацькаўшчынай, як выхаваць дзяцей беларусамі ў эміграцыі і чаму так важна беларусам сёння быць побач адзін з адным і будаваць свае суполкі па ўсім свеце, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Людай Астапчук.

    Люда Астапчук: збірацца разам і святкаваць жыццё — найлепшая ідэя сёння
  4. Jun 18

    Кацярына Баўрэ: глабалізацыя беларускай годнасці — такой бачу нашу ідэю

    18 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — прадстаўніца Народнага консульства Беларусі ў Ніцы, юрыстка па міграцыйных пытаннях у Францыі Кацярына Баўрэ. Знайсці ў сабе сваю беларускасць — гэта не пра філасофію, а, найперш, пра волю, пра свабоду, пра годнасць. Пра будучыню. Калі мы не паважаем свае карані, калі мы не будуем сваю будучыню, будучыню сваёй краіны, з разлікам на стагоддзі наперад, то ў нас проста нічога не застанецца для нашых дзяцей. І мы мусім зрабіць усё, ад нас залежнае, каб гэтай будучыні нашы дзеці не былі пазбаўлены, перакананая Кацярына Баўрэ. Пра тое, чаму, адмаўляючыся ад сваёй беларускасці, сваёй тоеснасці, мы пазбаўляем будучыні сваіх дзяцей, чаму мець годнасць так важна ў сучасным свеце і чаму гэтая годнасць мусіць быць менавіта беларускай, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Кацярынай Баўрэ.

    Кацярына Баўрэ: глабалізацыя беларускай годнасці — такой бачу нашу ідэю
  5. Jun 4

    Яўген Магда: Расія, адчапіся ад нас, мы самі ўсё зможам — наша агульная ідэя

    4 чэрвеня ў эфіры Еўрарадыё — палітолаг, дырэктар украінскага Інстытута сусветнай палітыкі, эксперт iSANS Яўген Магда. Назіраючы за тым, што адбылося і працягвае адбывацца ва Украіне, беларусы мусяць рабіць свае высновы і разумець, што мова мае значэнне. Што без разумення і прыняцця сваёй ідэнтычнасці мы становімся лёгкай ахвярай для нашых ворагаў. Толькі ўсведамленне таго, што мы ў сваім нацыянальным і дзяржаўным будаўніцтве мусім кіравацца нацыянальнымі інтарэсамі, даможа нам захаваць сябе і рухацца наперад. І мы гэта абавязкова зразумеем, і два нашыя народы будуць добрымі суседзямі адзін для аднаго, перакананы Яўген Магда. Пра тое, чаму развіццё беларускай і ўкраінскай нацый пайшло рознымі шляхамі, чым гэтыя шляхі адметныя і чаму нацыянальны інтарэс важна ўлічваць ў дзяржаўным будаўніцтве, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Яўгенам Магдам.

    Яўген Магда:  Расія, адчапіся ад нас, мы самі ўсё зможам — наша агульная ідэя
  6. May 28

    Надзея Нортан: цікаўцеся сваёй беларускасцю — і тады вы будзеце цікавыя іншым

    28 траўня ў эфіры Еўрарадыё — экспертка па беларускай дыяспары, лідарка суполкі беларусаў Сан-Францыска, сябра Асацыяцыі беларусаў у Амерыцы (АБА) Надзея Нортан. Раскіданыя па ўсім свеце беларусы сёння не знікаюць бясследна, а няспынна працуюць над стварэннем сваёй, альтэрнатыўнай ад рэжымнай, Беларусі. І хай сёння яна геаграфічна знаходзіцца па-за межамі нашай краіны, але прыйдзе час, калі і гэта, створаная нашай працай і нашымі марамі альтэрнатыўная Беларусь, і Беларусь, геаграфічна прывязаная межамі да пэўнага месца на мапе, уз’яднаюцца, перакананая Надзея Нортан. Пра тое, чаму змаганне “лоб у лоб” з рэжымам не дае плёну, ці магчыма па-за межамі краіны пабудаваць альтэрнатыўную Беларусь будучыні і як зрабіць так, каб беларускі дух і імпэт не зніклі ў беларусаў дыяспары, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Надзеяй Нортан.

    Надзея Нортан: цікаўцеся сваёй беларускасцю — і тады вы будзеце цікавыя іншым
  7. May 21

    Юрась Зянковіч: справядлівасць і нацыянальныя каштоўнасці — наша ідэя сёння

    21 траўня ў эфіры Еўрарадыё — адвакат, палітычны і грамадскі дзеяч, былы палітвязень Юрась Зянковіч. Для беларусаў — і па адзін, і па другі бок існуючых сёння барыкад — галоўнай каштоўнасцю з’яўляецца справядлівасць. Але не будзе ў нас ніякай справядлівасці да таго часу, пакуль у дзяржаве не будзе замацавана павага да прыватнай уласнасці і прынцып недатыкальнасці гэтай уласнасці. Пачынаць жа вяртаць гэтую павагу неабходна з рэстытуцыі. І гаворка не толькі пра вяртанне “аджатай” рэжымам Лукашэнкі маёмасці тых, хто быў вымушаны з’ехаць з краіны пасля 2020 года, — размова і пра тых, у каго маёмасць адабралі пасля 1945-га, а можа, і пасля 1865 года. Рана ці позна, але мы гэтыя пытанні вымушаны будзем вырашаць, каб канчаткова выціснуць з сябе “чырвонага чалавека”, перакананы Юрась Зянковіч. Пра тое, чаму галоўнай каштоўнасцю і падмуркам для нацыі з’яўляецца прыватная ўласнасць, чаму сярод беларусаў так шмат “хатазкрайнікаў” і з дапамогай чаго мы нарэшце здолеем выціснуць з сябе “чырвонага чалавека”, мы і разважаем у праграме “Ідэя Х” з Юрасём Зянковічам.

    Юрась Зянковіч: справядлівасць і нацыянальныя каштоўнасці — наша ідэя сёння

About

На нашу думку, прыспеў час распачаць дыскусію і вызначыць, сфармуляваць беларускую нацыянальную ідэю. І мы працягваем гэта рабіць у аўтарскай праграме “Ідэя Х” рэдактара Еўрарадыё Змітра Лукашука. Па завядзёнцы ў якасці гасцей, якія дапамагаюць нам фармуляваць нацыянальную ідэю, — палітыкі і літаратары, эканамісты і музыканты, айцішнікі і культуролагі. Усе вы. Праграма выходзіць штотыдзень у чацвер у 14:00.

More From Euroradio