Wir.by — Беларуская і сусветная культура

Wir.by

Асветніцкая пляцоўка пра беларускую і сусветную культуру з артыкуламі, лекцыямі даследчыкаў, гульнямі і спецпраектамі

  1. 25/09/2024

    Уладзімір Караткевіч і парушэнне правілаў (Спіс на лета, #12)

    «Рабі нечаканае, рабі, як не бывае, рабі, як не робіць ніхто, – і тады пераможаш». Аўтар гэтых слоў іх здзейсніў: чалавек не сваёй эпохі, адзін, як камар пасярод варожага мора, дзёрзкі і надзвычай таленавіты, ён расказаў беларусам пра іх гісторыю, сам-адзін стварыў пераканаўчы нацыянальны міф, напісаў першы гістарычны дэтэктыў і першую постмадэрнісцкую аповесць ды паспрыяў незалежнасці Беларусі. Пісьменнік, які змяняе свядомасць, самы любімы і важны для беларусаў. Яго кніжкі чытаюць за адну ноч, крадуць з бібліятэк, бяруць з сабой у эміграцыю. У апошнім выпуску падкаста «Спіс на лета» Марына Казлоўская і Дар'я Бялькевіч размаўляюць пра Уладзіміра Караткевіча, яго творы «Дзікае паляванне караля Стаха», «Ладдзя Роспачы», «Каласы пад сярпом тваім», а таксама пра раскошу любіць гэтую зямлю і шукаць мора. Гэты выпуск можна не толькі паслухаць як падкаст, але і паглядзець відэа на нашым youtube.

    1h 4m
  2. 12/09/2024

    Максім Танк: свабода, каханне і іронія (Спіс на лета, #10)

    Вершы Максіма Танка – паэзія дзіцячага здзіўлення і захаплення жыццём. Іронія і свабода, Дантэ і Майн Рыд, верлібры і хоку – гэты пісьменнік адчувае сябе сваім у садзе сусветнай культуры і прыўносіць у беларускую паэзію інтэлектуальнасць і дасціпнасць. У дзясятым выпуску падкаста «Спіс на лета» выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Даша Бялькевіч абмяркоўваюць галоўнага падпольшчыка беларускай літаратуры. Чалавек, жыццё якога было поўнае радасці і рызыкі: падлеткам ён бярэ ўдзел у студэнцкіх хваляваннях у Заходняй Беларусі, некалькі разоў пераходзіць мяжу ў трыццатыя, трапляе на «Лукішкі», піша вершы, знаёміцца з будучымі нобелеўскімі лаўрэатамі, сустракае сваю Любоў, падрабляе почыркі і чытае Маякоўскага па-польску. Ён жа – чыноўнік пры надзвычай высокай пасадзе з трывожным чамаданчыкам у вітальні, які кпіць з графаманаў і смяецца з сябе самога, падарожнічае ад Японіі да Канады, піша смелыя верлібры, пяшчотныя эратычныя вершы, ратуе першую кнігу Алеся Разанава, вітае Незалежнасць Беларусі. Максім Танк пражыў амаль усё ХХ стагоддзе і змог зрабіць гэта па ўласных перакананнях. Яскравы, свавольны, па-дзіцячы радасны і мудры – гэты паэт дакладна варты вашай увагі.

    49 min
  3. 29/08/2024

    Іван Мележ: людзі, балота і зямля (Спіс на лета, #8)

    «Хаты былі на востраве. Востраў гэты, праўда, не кожны прызнаў бы за востраў — аб яго не плёскаліся ні марскія, ні нават азёрныя хвалі. Навокал адно гніла куп’істая дрыгва ды моклі панурыя лясы». У гэтым выпуску падкаста выкладчыца Марына Казлоўская і паэтка Дар'я Бялькевіч размаўляюць пра галоўны тэкст Івана Мележа. «Людзі на балоце» — гэта серыял пра каханне, першы феміністычны раман з моцнай і адважнай гераіняй і апошні вялікі тэкст пра шалёную апантанасць зямлёй. Гэты твор тлумачыць, чаму беларусы такія, якія ёсць, і расказвае пра ключавы момант беларускай трагедыі: як і чаму гаспадар перастаў быць гаспадаром. А яшчэ гэта тэкст, дзе нарэшце з'яўляюцца эратычныя сцэны — вялікае свавольства для савецкай літаратуры! — ды ёсць любоўны трохкутнік ці чатырохкутнік, у вяршыні якога — зямля ля цагельні.

    40 min
5
out of 5
19 Ratings

About

Асветніцкая пляцоўка пра беларускую і сусветную культуру з артыкуламі, лекцыямі даследчыкаў, гульнямі і спецпраектамі